?

Log in

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Антон Францішак Брыль і Кацярына Маціеўская напісалі тут з нагоды майго не зусім даўняга дня нараджэння "Дэпрэсіўную азбуку беларускай літаратуры", якую я ад паспалітага спадарства больш не магу хаваць. Па-мойму, яна прыўкрасная, і свет павінен яе бачыць. Прынамсі, самыя бяскрыўдныя вытрымкі. Падбор карцінак — basarymkales.



А — Апатыя
Выйшлі на нашую ніву аратыя,
Селі й сядзяць. У аратых апатыя.


Б — Безвыходнасць
Літаратура! Чуеш ты, куды б ні йшла,
Над Безвыходнасцю адчайны крык Бусла.


Г — Гаротны стан беларускай літаратуры
Літаратура. Беларусь. Туга.
Гаротны стан. Зусім-зусім, ага.


Д — Дэпрэсія
Размовы ў блогах аб “Рацэ Арэсе” —
Дальбог, пасрэдны сродак ад дэпрэсій.


Е — Енк
Абставіны не вымагаюць Енку.
Паб'емся моўчкі лепш ілбамі ў сценку.


Ё — Ёлупы
Чытаеш ты, напрыклад, крытыку, а на акне, напрыклад, голуб.
І кніга дрэнь, і крытык боўдзіла, і гэты голуб, мусіць, Ёлуп.


Ж — Жальба
Каб конкурс быў па моцы жальбы,
З’явіўся шанец на медаль бы.


З — Заняпад
Літаратура наша маладая
Штогод усё глыбей занепадае.


Й — *неабходная тэхнічная дэталь*
Туга й бяда й журба й жуда й нядоля
Йнакш у радок не ўлезлі б аніколі.


К — Крытыка
Калі пры клінічнай дэпрэсіі ты жыць яшчэ хочаш, нябожа,
Мы раім: звярніся да Крытыкі. Бо Крытыка ўраз дапаможа.


Н — Набалелае
Набалелым дзелішся часам вечар цэлы.
Ранкам глянеш — а яно зноўку набалела.


О — Одум
Калі сядзіш у цяжкім одуме,
Не трэба стогнаў! Жалься одамі.


Р — Роспач.
Я цэлы слоўнік ператрос, бач,
А рыфмы не знайшоў на “Роспач”.


С — Сорам
Усё ў жыцці прыпраўленае горам.
Напрыклад, ёсць Сябры. А дзе ў іх Сорам?


Т — Тлен
Усё й паўсюдна тлен у тленным свеце гэным.
Палякі цвердзяць нат, że oddychamy tlenem.


У — Усведамленне жаху быцця
Калі ўночы дзікі енк раздаецца ў доме —
Гэта нехта жах быцця цалкам усвядоміў.


Ф — Фрустрацыя
Чагосьці Эдгар По мяне фруструе,
Пайду мо сябра ў сценку замурую.


Х — Хандра
І вось ізноў пікнік на цвінтары
Не дапамог ні кроплі ад Хандры.


Ц — Цвінтар
Цвінтар, спусцелы вечароваю парою,
У кніжку трапіў, бо пасуе да настрою.


Ч — Чытачы
Мёртва свеціць на артыкул бледны месяц уначы.
Ціха! Ціха! Зараз выйдуць у каменты Чытачы.


яшчэЧэ — Чароўныя Дапаможцы Чорны Адчай
Не, Чароўных Дапаможцаў я не прыкмячаю,
Так што самы час аддацца Чорнаму Адчаю.


Ш — Шкадаванне
На зямлі пануе гора, ўсюль бяда, жуда й нуда.
Мы дапамагчы не можам, але нам цябе шкада.


Ы — Ых
Кнігу новую прыкмеціш, возьмеш, затрымаеш дых...
Можа, будзе “Ух” нарэшце? Глянеш — не, ізноўку “Ых”.


Ь — *прамень сЬвятла*
Кажуць, гора не кранае і жыццё гняце не так
Тых, хто ў слове “безвыходнасьць” піша двойчы мяккі знак.


Ю — Юдзіф (новая прадмова)
Як вупыр, што ўночы вые, знае свой цвінтар стары,
Так і людзі. Бачыш, людзі — ў цэлым тыя ж вупыры.

Comments

( 18 камэнтароў — Пракамэнтаваць )
euga
11 Врс 2013 15:19 (UTC)
Шыкоўна! :)))
euga
11 Врс 2013 15:21 (UTC)
Енк, жальбы, набалелае, одум, роспач... Такое ўсё знаёмае... Я тут пра словы, нават не столькі пра радкі, хоць і яны класныя. :))
lady_z_shalomam
12 Врс 2013 06:38 (UTC)
Вось і я думаю, што хаваць такое ад людзей — эгаістычна.
pistonczyk
11 Врс 2013 17:06 (UTC)
хораша :))
maryjka_
12 Врс 2013 09:01 (UTC)
Тэрмінова выдаваць!

А дзе Э, Я?

lady_z_shalomam
12 Врс 2013 09:03 (UTC)
Там было некалькі для ўнутранага карыстання. Паколькі гэта быў мой дзень нараджэння, літара "Я", напрыклад, была прысвечаная слову "Янкута".
lady_z_shalomam
12 Врс 2013 09:04 (UTC)
А літара "Л" — неперакладзенаму мной "Лесьмяну" :)))
maryjka_
12 Врс 2013 09:27 (UTC)
ну тады трэба дапісаць агульначалавечымі і выдаваць. Э - Эга, Л - Лянота:)))
lady_z_shalomam
12 Врс 2013 11:08 (UTC)
І такі там сапраўды была лянота:

Л — Лянота
На “Л” — Лянота, бачыш і сама.
А мог бы быць і Лесьмян. Ды няма.

У любым разе - усе пытанні да аўтараў азбукі :)
kamrushepa
12 Врс 2013 15:06 (UTC)
Вось так - паўгады ў жж не паходзіш, і столькі прапускаеш, столькі прапускаеш... Але, па-першае, чаму ты не пахвалілася гэтым, калі вы былі ў нас ў гасьцях. Па-другое, хочацца бачыць поўны варыянт:) Літары В таксама няма:)
lady_z_shalomam
12 Врс 2013 17:24 (UTC)
"В" у выніку выключэння вісіць на фб :)

В — Верлібр
Паэта ў дом, бывае, пусціш,
А ён Верлібры піша. Вусціш.
miram
12 Врс 2013 18:47 (UTC)
http://exrussia.org/
гімн болю і пустаты
symon_salavejka
12 Врс 2013 21:16 (UTC)
Цудоўна! Вельмі і вельмі трапна.
lady_z_shalomam
16 Врс 2013 12:35 (UTC)
Ага, проста душа радуецца :)
meequz
15 Врс 2013 06:52 (UTC)
Прамень сьвятла асабліва спадабаўся :)
Сергій Крига
23 Кст 2013 13:56 (UTC)
Чудово написано, дякую за креативність)
( 18 камэнтароў — Пракамэнтаваць )