?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

...ад нейкага загадкавага Джоні С. ці то з Мід-Лотыяна, ці то з Бэрвіка на Твідзе, чытаная ўчора на прэзентацыі "Бэўвульфа". Арыгінал у нэце ёсць толькі на гугл-букс, калі каму цікава, шукаць можна па першым радку: "Is Allan risen frae the dead". Апярэджваючы магчымыя пытанні, скажу, што радок "Належна ты злучаеш словы" ў арыгінале гучыць як "An' your auld words sae meetly mingle", а радок "Пішы яшчэ!" — як "That you'd write mair".

Такія вершыкі цудоўна служаць адной маёй мэце — распрацоўцы беларускай класічнай рыфмы, бо даюць шмат прасторы для ўцягвання ў рыфму чаго заўгодна — хоць дыялектызмаў, хоць паланізмаў, хоць украінізмаў, хоць русізмаў, хоць яшчэ якой трасцы. У выніку потым нешта можна цягнуць далей, а хоць бы і ў Кітса. Гэта адзін з нямногіх апошнім часам перакладаў, які задавальняе мяне працэнтаў так на 80.

Дадам яшчэ тое, што Алан у першым слупку — гэта самы слынны папярэднік Бэрнса і Фэргюсана Алан Рэмсі, зайздросны сусед у другі слупку — гэта, вядома ж, Англія, а трэці слупок адсылае да вельмі канкрэтнага верша Фэргюсана, толькі як ён называецца, я не помню.


Эпістала містэру Роберту Фергюсану
Epistle to Mr. Robert Fergusson

Ці гэта Алан з іншасвету
Спявае нам свае куплеты?
Дзядоўнік колісь быў апеты
Ім скрозь і побач.
Не — гэта Фергюсан-паэта
Стаў на крыло, бач!

Скажу па шчырасці, юнача,
Радок твой зухавата скача,
Бо што ні рыфма — дык удача:
Гучыць дзівосна.
Няхай сусед цяпер паплача —
Яму ж зайздросна!

Калі кароль тут загуляў,
Спраўляў народзіны, маўляў,
Яму ты добра наваляў
У вершах кплівых,
Не на Парнасе ж бо куляў —
На родных нівах.

Ну, што ж, пясняр, жыві багата,
Дабра хай будзе поўна хата —
Каб пірагі ты еў і ў свята,
І ў дзень працоўны,
Каб выгляд меў ты зухаваты,
А куфаль — поўны.

Ці мо без славы ты знямог?
А я табе ўсё пра пірог,
Пра тое, каб узычыў Бог
Пітва і хлеба...
Ды ёсць яна! І за парог
Хадзіць не трэба!

Гавораць і мальцы, і ўдовы:
Належна ты злучаеш словы.
Мы хвалім вершык твой мядовы
І думкі ўзлёт,
Сабраўшыся на вечаровы
Сяброўскі сход.

Вось дабяруся да сталіцы,
Ох, і пачнём мы весяліцца,
Ракою віскі будзе ліцца —
Збяруцца ўсе!
І свежых вустрыц маладзіца
Нам паднясе.

Табе ж пастаўлю я на від:
Гайда на наш прыўкрасны Твід!
А тут, як зоймецца на світ, —
Такі ласось!
Ці, можа, хоча наш пііт
Яшчэ чагось?

Збяруцца дзеўкі, юнакі,
І як затанчаць ля ракі —
Яны на гэта мастакі!
А нашы пані...
Клянуся, вылупіш зянкі
На іх убранні.

Там сціпласці няма спакон,
Але на галаве — гамон:
Ці гэта пудынг, ці то звон
Па новай модзе,
Ці то каптур — пужаць варон
На агародзе.

Я па друкарнях — не хадок,
Хоць часам крамзану радок,
А вось табе і мой намёк:
Пішы яшчэ!
Ты верш бярэш на павадок —
І ён пячэ!

А я вось славы не жадзён,
Ды хоць і просты маладзён —
Сябрую з Музай з даўніх дзён,
Ну, так, як сёння.
На гэтым — нізкі мой паклон.
Твой верны Джоні.

Ну, а тым, хто дачытаў да канца, бонус: аўтар гэтага верша, вядома ж, сам Роберт Фергюсан. Больш за тое, існуе яшчэ адзін яго твор — адказ гэтаму самаму Джоні С. Калі будзе час і натхненне, можа, перакладу.

Comments

( 2 камэнтары — Пракамэнтаваць )
ilnur
26 Ліп 2013 09:54 (UTC)
Ён няхітра завецца "The king's birth-day in Edinburgh" :)

lady_z_shalomam
26 Ліп 2013 09:55 (UTC)
Во-во, ён :)
( 2 камэнтары — Пракамэнтаваць )